ЧАТЫРЫ ВЕРШЫ Ван Вэй Пераклад Ігара Бабкова I Дзікія гусі Зьніклі за даляглядам На халодным сьвітанку Шэрань Кранае золкімі пальцамі абляцелае лісьце Вандроўнік Дайшоў да самага скраю Лета жаданьняў... II Калі восень Нечакана прыходзіць у халодным сутоньні Ахінае крыламі астужае раскошай У прысадах вецер Гуляецца з мокрым лісьцем І кроплі дажджу цалуюць выпадковыя твары Тады ўсюды Як подых, як прадчуваньне Нябачна, невідочна, уяўна Сыйшоўшыя з далёкіх вышыняў Красуюць белыя кветкі Лотаці эдэльвэйсы хіба словы нешта значаць Калі жыцьцё толькі сон і варта нарэшце прачнуцца Разам зь імі У краіне Чыстай Зямлі Дзе душы, вольныя ад пераўвасабленьняў Ад падарожжаў, ад прывязанасьцяў, ад пакутаў Ад сьмерці Уступаюць у чыстую дасканаласьць Ах, прачнуцца бы там, ды толькі восень Занадта пяшчотна абсыпае лістотай Замсьціць вочы Шапоча пра вусьцішную радасьць каштанаў Пра тое, што сьмерць — гэта сьвята Восень... Шапоча простыя зьнікомыя словы Аблокі плывуць, зьнікаюць у цішы неба Як вечныя, празрыстыя, дасканалыя тайны Каля якіх так імкнесься Яшчэ крыху пабыць Затрымацца III Раптоўныя хваляваньні неба перуны грымоты Дождж змывае жаданьні пакідае пустэчу У якой адзінокі човен плыве супроць плыні Гэта Шосты патрыярх разьбівае кайданы Заблытанай кармы Ягоны вялікі гнеў вялікая міласьць Палае ў сусьветнай начы аж да золку раптоўныя сполахі, вогнішчы, зараніцы далёкае, халоднае сьвятло з Усходу IV За вокнамі вечар і слота Дождж змагаецца зь ветрам Я адзін у пакоі І на маім стале Парцалянавы кубак З-пад выпітае гарбаты Безнадзейна забыты Дарэшты пусты й цудоўны